Старонка:Сьветацені (1928).pdf/46

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

∗     ∗

Не дары асеньніх васількоў,
Не дары мне красак на хвіліну,
Не тваю трыццатую любоў
Панясу з сабой у дамавіну,
Не дары адцьвіўшых васількоў.

Не цалуй мне вусны на разлуку
(Не хачу я, любая, маніць),
Я аддаў шчырэйшым пацалункам
Дарагія дальнія агні,
Цалаваць ня трэба на разлуку.

Не каханьне томнае нясу
Я цяпер жыцьцёвай пуцявінай,
А жывую палкую вясну
Маладой абуджанай краіне…
Не каханьне томнае нясу.

Не дары таго, што не прашу,
Не дары мне красак на хвіліну,
Я нашоў другую пуцявіну,
Я аддаў ёй сэрца і душу,
Не дары мне красак на хвіліну.