Старонка:Сьветацені (1928).pdf/47

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

∗     ∗

Калі часы астудзяць жыцьця хвалі —
Крычым у роспачы за небасхіл гадоў:
Зачым юнацтва мы не закілзалі,
Зачым замылілі жыцьцёвых рысакоў…

Праходзяць дні, —
А з днямі ўсё праходзіць,
На скаце дзён праз чорнае вакно
Стары карчмар
Нас разьлічыцца просіць
За п‘янае юнацкае віно.

Ў юнацтве душу ў сонечных лілеях,
(Юнацтва ў квецені,
Юнацтву не астыць)
Мы запрагаем дні у казачныя шлеі,
І топчам на шляхох жыцьцёвыя цьвяты.

У верасьні
За залатыя сьцежкі
Мы і душу і сэрца аддаём, —
Цалуем сонца мілыя усьмешкі
І молімся над кожным васільком.