Старонка:Сьветацені (1928).pdf/45

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

∗     ∗

Завечарылася бярозавая просінь
У далях вечар дым пераліваў.
А млечны шлях
На сіняватых плёсах
Заранкамі дарогу вышываў.

Мне марыцца:
Нібыта тэй дарогай
З адвечнасьці вярнуліся гады…
Я ня поэт,
А хлопчык басаногі, —
За рубяжамі сьвет і гарады.

Нібы з туманаў выплыла паданьне
Пра гэта возера,
Як сьветку дзіва—дзей;
Я ўспамінаю першае каханьне,
І першы хмель разбураных надзей.

З тае пары я шмат перамяніўся, —
(Цьвітуць да часу ў жыце васількі),
О, вечар, вечар,
Што завечарыўся.
Куды сплылі ружовыя вянкі?!