Старонка:Сьветацені (1928).pdf/29

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

∗     ∗

Ой, ты, дзяўчына!..
Ці за гарамі,
Ці за барамі
Страціла долю?!

Што ты сягоньня
Вечарам росным
Русыя косы
Хіліш да долу?!

Так ці ня гэтак,
Вашы спагады
Чую — ня чую,
Бачу — ня бачу…
Любаму другу
Здраду дарую,
Крыўду дарую,
І не заплачу.


∗     ∗

Там за гаямі
Ня воўкі завылі,
Зоры дзяньніцы
Ў туман ня зблудзілі, —
Гэта зара
Над краінаю сьвеціць,
Сьвеціць праз чорныя
Хмары сталецьцяў…