Старонка:Сьветацені (1928).pdf/20

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

∗     ∗

Сьцюжа тут, сьцюжа пануе,
Вокны цалуе мароз…
Ветры праз комін сьвідруюць,
Сьвішчуць, рагочуць да сьлёз.

Сумна у гэтай кватэры…
Колісь за гэнай сьцяной
Два маладых афіцэры
Трацілі час і спакой.

Колісь такімі начамі
Тут пунсавела віно
Многа за тымі сталамі
П‘яных часоў уцякло.

Сёньня узрыдам мяцелі
Плачуць аб дальніх агнях…
Сьцены кватэр апусьцелі
Сэрца ахутвае жах…

Зараз жывуць кватэранты
Тут,
А за гэнай сьцяной
Нейкі падпанак з сям‘ёй
Носіць дваранскія транты.