Старонка:Сымон-Музыка (1918).pdf/96

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

І адзін з іх, вобраз Гані,
Усіх ясьней і ўсіх ярчэй
Плыў, як зорачка ў тумані,
З мілым усьмехам вачэй,
Плыў, і клікаў, і сьмеяўся,
І маніў ён, і ласкаў,
Майскай краскай калыхаўся,
Песьняй Божаю сьпеваў.
У Сымонкі ціха ў сэрцы
Песьня склалася сама.
Ніадступна білась ў дзьверцы,
Ей спакою тут німа,
Хочэ вырвацца на волю,
Раскатурхаць сон цішы;
Томяць сьпеўкі грудзь да болю,
Хочуць выбіцца з душы.
Устаў хлапчынка, сеў на сені,
Сон яго ніяк ні браў,
Сьціснуў ручкамі калені
І галоўкай заківаў, —
І ні можэ хлопчык зладзіць
Сам с сабою, каб ні граць;
Узяў ён скрыпку, с торпы злазіць,
Сэрцу волю хочэ даць.