Старонка:Сымон-Музыка (1918).pdf/95

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Толькі зрэдка гук грамучы,
Гром таёмны і магучы
Гневам Божым далетаў,
Ды ўсё небо пас бліскучы,
З зор сатканы, спавіваў.
Разгарнуўшысь дзіўным шляхам,
І пад змрокам, як пад дахам,
Сьвет трывожна заміраў.
Лёг Сымонка з дзедам ў сені,
Ні змыкае вочак сон,
Перад ім плывуць, як цені,
І ўстаюць з усіх старон,
Як хмурынкі залатыя
У дзіўным пожары лучоў,
Думкі, вобразы такія,
Для каторых німа слоў,
Каб ўлавіць іх было можна
І падняць із недр душы!
То нісьмела і трывожна,
Сьпевам-музыкай цішы,
Паднімалісь і зьнікалі,
Каб на зьмену ім ізноў
Шлі аднекуль, выплывалі
Роі новых абразоў.