Старонка:Сымон-Музыка (1918).pdf/84

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Стаў Сымонка каля лавы,
Хату поглядам абвёў;
Халаток яго дзіравы
Цёк у дзесяць ручаёў.
Загарэў бедак ад сонца,
Твар лушчыўся і ліняў,
І мізэрна так безконца
Гэты хлопчык выглядаў.
Толькі вочкі асьвечалі
Твар заморэны, худы
І так многа прыдавалі
Хлопцу гора і нуды!
У тых вочках адбівалась
Уся яго душа-крыштал,
Мысьль глыбокая снавалась, —
Жыцця горкаго закал.
І той погляд раз даволі
Хоць на момэнт улавіць,
Каб яго ужо ніколі
Ва ўсё жыцце ні забыць.
І Сымонку аглядалі
Можэ з дзесяць пар ачоў,
І відаць, што шкадавалі
Маладых яго гадкоў.