Старонка:Сымон-Музыка (1918).pdf/80

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

І відаць, што бушавалі
У хмарах страшныя віхры.
У бліскавіцах, з грозным рэвам,
Навісала хмар стрэха,
Гук далёкі Божым гневам
Разліваўся перш сьціха,
Потым бліжэй, бліжэй плыне
Ды часьцей, ды усё гучней.
— Ну, Сымон: дождж, брат, ліне,
Хоць бы хата дзе скарэй!
А Сымон быў зачарован
Хмараў грознаю гульнёй,
Погляд быў яго прыкован
Да таго, што над зямлёй
Хмары ў небі выраблялі:
Як таўкаліся яны,
Як маланкі іх гаралі
І трасьлі іх пяруны.
Дзед барджэй ісьці стараўся
І Сымонку падганяў,
Шоў, на момант прыпыняўся,
Вёскі поглядам шукаў,
Ды хрысьціўся тарапліва,
Як маланка жахане.