Старонка:Сымон-Музыка (1918).pdf/8

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Сам сабе гадаў Сымон,
Сам сабе сьмеяўся ціха
І сьпеваў, званіў, як звон, —
Бы той звон, што на званіцы
У ціхай жаласьці гучаў
І далёка, з-за крыніцы
Плыў па ветры, заміраў.
Гаманіў Сымон с сабою,
Песьні розныя складаў,
Кучэравай галавою
Варушыў ён і ківаў.
На сьмех хлопца падымаюць:
— «От, дурубала, доўбня»!
Бьюць Сымонку і штоўхаюць,
Бы ні хлопец, а шчэня.
А той нават ні заплача
Толькі голаву прыгне,
Як яго рука ледача
Чыя-небудзь штурхане.
Але й праўда: ні падобны
Быў Сымонка да другіх.
Гэта быў хлапчук асобны:
У вочках круглянькіх, жывых
Заўсягды дума бліскала;