Старонка:Сымон-Музыка (1918).pdf/78

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Хмарак лёгінькі пушок
Тчэ з валоканцаў, сплятае
Сонцу белінькі вянок.
А вакруг так ціха, гожа,
А паслухаеш — чутно,
Як расьце травінка Божа,
Нівак сьвежае руно.
І з зямлі празрыстым парам
К небу ўзносіцца туман,
Як малітва сонцу, хмарам,
І дрыжыць, гарыць пажарам
Скат узгоркаў і курган.
Ну, вясна была на дзіво!
Не, Сымонку ні забыць
Тэй вясны, пары шчасьлівай,
Покі ў сьвеці будзе жыць.
То было як раз на Ушэсьце,
Слаўны быў такі дзянёк!
Увесь дзень парыло, а ўрэшці
Узьняўся ціхі вецярок,
Ды густы падуў з заходу
І засьценьваў неба край.
— Будзе нейкая прыгода,
Кроку, хлопчэ, падбаўляй!