Старонка:Сымон-Музыка (1918).pdf/60

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Так ішоў ён і раптоўна
Стаў, як спынены ён кім:
Каля лесу, ў небо роўна
Плыў высока сіні дым;
Сам агоньчык ў полі тлее,
Нікагусенька німа.
Хлопчык зразу весялее,
С твару споўзае дума.
О, то можна падкрапіцца
І агоньчык скарыстаць,
Толькі трэба ухітрыцца
Бульбы торбу накапаць.
А у полі яе многа,
Азірнуўся ўперад ён,
Паглядзеў — німа нікога
І — шусь ў бульбу, на загон!
Накапаўшы, асьцярожна
Да агню пашыбаваў.
Відавочка, падарожны
Тут ішоў і спачываў.
Ды цяпер ні да развагі:
Прысак хлопчык расхіліў,
Усыпаў бульбу, ды карчагі
Ды дроў зьверху налажыў.