Старонка:Сымон-Музыка (1918).pdf/56

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

II.

Нікла ночка, дзень займаўся,
Дрогнуў змрок і пашарэў,
Усход далёкі праясьняўся,
Чырванеў і весялеў.
Чырвень шырэй разьнімалась
І пажарам залатым
Над зямлёю калыхалась.
Хмары сівыя, як дым,
Расплывалісь, ападалі,
Бы Сам Бог на іх дыхнуў;
Чары ночкі прападалі,
Чуць дзянёк адно зірнуў.
Шоў Сымонка, углядаўся,
Як зьяў хораша усход,
Як дзень новы з ім вітаўся,
Клікаў весяла ўпярод.
І ён гнаў, мінаў сялібы,
Што чарнеліся ўдалі,
Шоў прамкамі цераз скібы
Сьвежа ўзгоранай зямлі,
Каб з людзьмі ні сустрэкацца
І хітрэй схаваць сьляды,
Бо мог ўсякі запытацца,