Старонка:Сымон-Музыка (1918).pdf/55

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ні спазнаўся ў ранні час,
Хто ні плакаў пад крыжамі,
У смутку стоючы ні раз,
Адзінока паміж вамі, —
Суеты людзкой ганцы, —
Там, дзе бітымі сьледамі
Бяжыце ва ўсе канцы!
Над Сымонкам думкі ўюцца:
Што рабіць? Куды ісьці?
Ці ў сяло назад вярнуцца,
Ці ў сьвет горо панясьці?
Ды вялікі-ж сьвет без конца,
А ён — мошачка у ім,
Лёгкі пыл ў праменнях сонца,
У ясным небі тонкі дым,
Чужаніца меж сваімі,
«Ніпатрэбны дармаед».
Як пагодзіцца с чужымі?
Як сустрэне гэты сьвет?
І да дому-ж ён ні пойдзе —
Сьлёзы ліць і сьпіну гнуць.
Долю знойдзе, ці ні знойдзе, —
Гайда ў пуць, далёкі пуць!