Старонка:Сымон-Музыка (1918).pdf/44

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Вон ад гэтуль, каб смыроду
Мне твайго тут ні было!
Ты што дзень мне робіш шкоду,
Праз цябе і на сяло
Паказаць мне брыдка вочы.
Бяры скрыпку, смык і — вон!
Ідзі с хаты, куды хочыш:
Больш ні сын ты мне, Сымон!
Хлопчык, зьмешаны з гразёю,
З дому выгнаны, стаяў
Каля пуні, пад страхою,
І ў змрок ночы пазіраў.
Ён ні плакаў, бо усе сьлёзы
У глыб душы яго вайшлі
І ўедалісь, як занозы,
І агнём яго пяклі.
Ён быў глух, ні чуў нічога.
Ну, куды йсьці? Да каго?
У сьвеці ён ні меў нікога,
Хто-б схіліўся да яго.
Пастаяўшы, хлопчык рушыў,
Пералез знаёмы плот,
Скрыпку узяўшы, і патрушыў
Усё ўпярод і ўсё ўпярод.