Старонка:Сымон-Музыка (1918).pdf/40

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Гнаў Сымонка рэшту стадка,
Страх хлапчыну пашыбаў:
Ні даруе яму татка,
Што авец ні ўпільнаваў.
Чуло сэрцо, што «праборкі»
І папругі ні мінуць,
Што скрозь столь убачыш зоркі,
Як лупцоўкі зададуць.
А аб тым, што ён ні вінен,
І ні думаў хлопчык тут:
Бо яму ўсягды зачынен
Справядлівы бацькоў суд.
Але-ж — не! Ен скажа: «Тата!
Крукам я стаяў, глядзеў,
Ды зьнячэўку воўк пракляты,
Як той віхар, наляцеў.
Я гукаў, ахрып ад крыку,
Га-а-а!» Ён у голас загукаў —
У яго хрыпаты, дзікі,
Голас з грудзі вылетаў.
Толькі-ж дома ні павераць,
Ох, раскоціцца там гром!
Ні хацеў бы ні вячэраць,
Ні паказвацца ён ў дом.