Старонка:Сымон-Музыка (1918).pdf/39

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Воўчым зубам дзе кранецца —
Каля карку, хопіць ў пол,
Ні адна ні стрэпянецца,
Трупам кінецца на дол.
З немым крыкам перапуды
Хлопчык кінуўся туды.
— Га! ага! воўк! Куды, куды!
Людзі, воўк! Сюды! сюды!
Разагнаў авец зьвяруга,
Трох на мейсцы улажыў,
А баранчыка схапіў
І панёсся ў лес, зладзюга.
Пастушок перапужаўся,
С крыку немаго ахрып,
Усюды воўк яму здаваўся,
Адкаціўшы сівы хіб.
Страх і жаласьць агарнулі,
Плачэ горкімі сьлязьмі.
Людзі гэты плач пачулі,
З лесу едучы з дрыўмі,
І на крык хоць беглі жыва
Ды ні ў пору ўжо прышлі:
Пазьбіраць авец пудлівых
Толькі хлопцу памаглі.