Старонка:Сымон-Музыка (1918).pdf/33

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ужо даўно яна. як цень,
Поруч шла за ім, пагана,
І забрала ў ясны дзень
Пры ўсіх людзях, сярод поля,
Як ён трошкі прыкархнуў.
Згас стары пастух без болі,
Раз ці два адно зяхнуў.
Перацёр дзед век безродны,
Ціха жыў і так сканаў.
І ніхто ў пясок халодны
Сьлёз гарачых ні раняў,
Як яго труну спускалі,
Як па ёй шуршаў пясок;
Толькі дзьве сьлязы блішчалі
С пары круглянькіх вачок.
Прытуліўшысь між крыжамі,
То Сымонка сумаваў
І ўкрадкам, кулачкамі,
Сьлёзы жалю уціраў,
Ды разбіты звон жалобна
Раз ці два загаласіў,
Ды ў труну каменчык дробны
Як у бубен, забубніў.
І цяпер вастрэй Сымонка