Старонка:Сымон-Музыка (1918).pdf/159

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ганна борзда гаварыла,
Распытоўвала сябра,
Нават трошкі пажурыла,
Што адрокся іх двара.
— Я суніцы тут зьбірала,
Зірк — аж бачу, хтось ляжыць;
Я спужалась, страшна стало —
Мо‘ разбойнік які сьпіць.
Ды ўзяла міне цікавасьць,
Я падкралася бліжэй —
Гэта-ж ты, й такая млявасьць
Ад істоты ўсей тваей!
І мне шкода цібе стало,
Ні пасьмела я будзіць
І гадзіны дзьве чакала,
«Ніхай, думаю, пасьпіць.»
Ці здароў-жа? як жывецца?
І куды ідзеш, зачым…
Сядзьма тут! — Яна сьмяецца
І садзіцца разам з ім.
— Ганна!.. Божачка Ты мілы,
Як я рады — ні сказаць!
Я пачуўся — нібы крылы
Ты прынесла мне лятаць.