Старонка:Сымон-Музыка (1918).pdf/155

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Усход за лесам узьдзеваў.
Адзінокі падарожны
Усё дыбаў і ўсё дыбаў,
Даль палёў і сьвет разложны
Ціхім усьмехам вітаў.
І быў ён худы і слабы,
Бледнасьць хворасьці ў твары,
І скрозь рвань сьвяцілісь драбы,
Кашляў, бедны, як стары,
Толькі вочы больш гарэлі,
Глыбей ў лоб вайшлі яны,
А з-за плеч на сьвет глядзелі
С клунка кончыкі струны…
Шыр палёў, цяпло і воля
Адагрэлі яго зноў,
І сьціхалі яго болі,
Аджывала ў сэрцы кроў.
Толькі-ж ногі штось замлелі,
Слабасьць нейкую пачуў
І ў руках і ва ўсім целі,
І сон хлопца агарнуў.
Ен з дарогі зварачае
І на сонцы пад кустом
Прысядае, спачывае,