Старонка:Сымон-Музыка (1918).pdf/146

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

«Божы Дух вітаў у высі;
Сьветы дзіўныя прад ім
У багнах тайнасьці нясьліся,
Песьні анелаў ліліся
У прасторы векавым.
Хвала Богу Вялікаму, хвала!
І зьбіраліся ў чароды
Хмаркі ў цёмных глыбінох,
І схадзілісь ў хараводы
Шчасьця поўныя і згоды
Зоры, зьяючы ў агнёх.
Хвала і Сыну Божаму, хвала!
Усплыў і месячык двурогі —
Божы срэбраны сярпок —
У ніаглядныя разлогі,
Асьвечаючы дарогі,
Сумны бляск яго пацёк.
Хвала і Духу Божаму, хвала!
«Прылучалі сьпевы—гранне
К сьпевам анелаў сьвятых
Ціхіх ветраў патыханне,
Ясных зорачак блісканне
І хор хмараў залатых.
Хвала Едынаму Богу, хвала!