Старонка:Сымон-Музыка (1918).pdf/145

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

І прастору, волі, сьвету
Зноў з надзеямі чакаў.
Меў Сымон адзін прыпынак,
Дзе душой ён спачываў —
Гэта быў палац—будынак,
Дзе ён з думкамі вітаў!
І дзе толькі ні насілі
Мары — думачкі яго!
І аб чым ні гаманілі,
Ні разсказвалі чаго!
Раз, як карчма была поўна
І старых і маладых,
Вышаў хлопчык і любоўна
Кінуў вочкі на усіх;
На мамэнцік замяшаўся,
Потым скрыпку узяў і смык,
Усім істненнем ім аддаўся,
І паліўся ціха зык.
Скрыпка што раз галаснее,
Прыямней гудзе струна,
Скрыпка плачэ, скрыпка млее,
Выгаварвае яна
І раптоўна ажывае.
Ей Сымонка падпевае: