Старонка:Сымон-Музыка (1918).pdf/143

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Як відаць, ты любіш здраду,
Абы ў карк цябе хто гнаў! —
Адказаў Яхім сярдзіта,
Павярнуўшыся на бок,
І дадаў: — Табе карыто
Лепш за бацькаўскі хлябок…
Змоўк Сымон — Яхім ні чаяў,
Што прычыніць хлопцу боль,
Што яго ён так ахаяў,
Як бы ў вочы кінуў соль.
Хлопчык доўга быў ні ў сілах
Заспакоіцца, заснуць,
І агонь кіпеў у жылах,
І ад плачу рвалась грудзь.

IV.

Ніўспагаднасьць, насьміханне!..
Спавівалі часта вы
У сум тужліваго зьмеркання
Дух шукання, дух жывы
І ўпіваліся атрутай
У сэрцо згнаннікаў сьвятых;
Пацешалісь вы пакутай,
Нішчасьлівай доляй іх.