Старонка:Сымон-Музыка (1918).pdf/120

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Дай мне моц і дай мне крылы
Паляцець у вышыне,
Аглядзець Тваё стварэнне,
Радасьць сьветлую спрыяць,
Сьвета дзіўнаго істненне
І таемнасьці пазнаць».
Так Сымон перад усходам
З Богам ў сэрцы гаварыў, —
На сустрэч сваім прыгодам
Душу чыстую раскрыў.
Азірнуў ён і абмерыў
Далі ціхія палёў,
У долю сьветлую паверыў,
У моц таёмных галасоў,
Што ў душы жылі і звалі,
Бог іх ведае куды, —
Дзе і думкі ні ляталі.
«Ну, што, — гайда, брат, туды!»
Вот Сымонка азірнуўся,
Кій-крывулю сваю ўзяў,
У бок гасподы павярнуўся,
У думках Ганначку вітаў:
«Будзь шчасьліва, краска-зорка!
Ні пагардзіла ты мной,