Старонка:Сымон-Музыка (1918).pdf/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

І так добрынька было,
Што Сымонка сам сьмеяўся, —
Усё сьмеялось у ім, цьвіло.
Заміраў тагды хлапчынка,
І здавалося яму,
Што ён знае, як травінка
Сваю думае думу,
Што гаворыць жытні колас,
І аб чым шуміць ячмень,
І чаго сьпевае ў голас
Мушка, конік, авадзень.
Млеў і таяў ўвесь Сымонка,
Як у восень жураўлі
Сумны крык ранялі звонка,
І хаваліся ў далі,
Ды як потым прападалі
С крыкам жаласным яны,
Як бы с плачам пакідалі
Родны край свой да вясны.
Хлопчык доўга, нірухомы,
Усё стаяў і усё глядзеў
У край далёкі, нівядомы,
Дзе той вырай паляцеў.
Так і жыў ён, гадаваўся,