Старонка:Сымон-Музыка (1918).pdf/106

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Пераходзіў ў радасьць гнеў,
Ажывала ноч глухая,
Зноў займаўся ясны дзень…
Здрыганулась сіла злая,
Чуе — кепска: згіне цень.
Сьціхла песьня — цёмна стало,
Ураз пагасьлі ўсе агне,
І сякера заблішчала
Пры дубовым каране.
Ссеклі злыдні дзіво-дрэво,
Сэрцо вынялі з яго,
Каб ні чулі ночы сьпеву
Найдзіўнейшаго таго;
А дубок без сэрцавіны
Злосна кінулі на дол.
Змоўклі песьні с тэй часіны,
Сумна стало навакол,
Толькі зрэдка, на сьвітанні,
Як уздымаўся вецярок,
Чулісь журба і стагнанне —
Плакаў ссечаны дубок.
Шоў тым мейсцам падарожны
І спыніўся: чуе ён —
Ні то голас чый прыветны,