Старонка:Сымон-Музыка (1918).pdf/102

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Разскажы мне што нібудзь,
Пра сваю скажы старонку,
Як ты жыў, як будзеш жыць? —
Просіць Ганна і Сымонку
У вочкі хораша глядзіць,
Усьміхнуўся хлопчык, рады
С тэй увагі, з гэтых слоў,
І пра жыцця свайго здрады
Ціха гутарку павёў…
Разсказаў, дзе ён радзіўся,
Як ён жыў і чым ён жыў,
Як і с кім калі здружыўся,
Чым ён сэрцо весяліў,
Аб усім казаў праўдзіва,
Проста, здатна ён казаў,
Усе спаміны свае жыва
Вольным словам маляваў,
І абразы за абразам
Шлі, ўставалі с туманоў,
Здольным сумным-сумным сказам
Ткалісь згодна, клалісь разам,
Як часамі з аблакоў
Тчэцца хмара дажджэвая…
Ганна слухала той сказ