Старонка:Сцэнічныя творы (1923—1924). Кніжка 2.pdf/99

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЗЬЯВА 5-я.
БАГДАН І СЛУГІ.

(Слугі прыносяць дыван, бутэлькі й закускі).

Слуга. Калі-ж гэта Аксана Раману дасталася?

Багдан. Пан яму жонку даў. Паклікаў яго на сяло дый кажа: „Вось што, — кажа, — Ромусь, жаніся!“ Гаворыць да пана Раман спачатку: „А на якога-ж гэта чорта мне жонка? Што мне ў лесе рабіць з бабаю, не хачу я, кажа, жаніцца“. Ня прывык ён за дзяўчатамі валачыцца, вось што. „Хачу, — кажа пан, — каб ты ажаніўся, а нашто, пра гэта сам ведаю. Бяры Аксану!“ — „Не хачу я, — адказаў Раман, — ня трэба мне яе, хоць-бы й Аксаны. Няхай з ёю чорт ажэніцца, а ня я… Вось як!“ Прыказаў пан прынесьці бізуны, расьцягнулі Рамана, пан у яго пытаецца: „Будзеш, Раман, жаніцца?“ — „Не, — кажа, — ня буду.“ „Сыпце-ж яму, — кажа пан, — колькі ўлезе“. Засыпалі такі яму нямала. Раман ужо нашто здаровы, а ўсё-ж такі яму абрыдла. „Пакіньце ўжо, — кажа, — годзе ўжо. Няхай жа яе лепей чэрці схопяць, чымся мне за бабу гэтулькі пакуты цярпець. Давайце яе сюды, буду жаніцца!“ А прыехаў на той самы час з поля панскі даяжджачы, Апанас Швыдкі. Пачуў ён пра бяду Раманаву, гоп пану да ног! Упаў да ног, цалуе… „Чым, — кажа, — вам, літасьцівы пане, чалавека мардаваць, ляпей я з Аксанаю ажанюся, слова не скажу“… Сам, бачыце, захацеў ажаніцца… Вось як! Ну, Раман быў уцешыўся, павесялеў, падняўся на ногі і кажа: „Вось добра! Толькі, каб табе, чалавечку, крыху раней прыехаць, а то ўхапілі мяне і ну сыпаць“… А пан на гэта: „Сыпце яму, дурню, яшчэ… А ты, Апанас, вон пайшоў да чортавай маці. Цябе, кажа, на палудзень ня клікалі, дык сам за стол ня лезь, а то бачыш, як Рамана частуюць? Каб як і табе таго самага ня было“. А панскія людзі ўмеюць спрытна бізунамі скуру спушчаць. Білі гэтак Рамана, білі, доўга ён трываў, а ўсё-ж-такі пасьля плюнуў і кажа: „Годзе! Каб вам рукі паадсыхалі, чортава челядзь. Навучыў-жа вас чорт бізунамі працаваць. Ды я-ж вам ня сноп на таку, каб мяне вось гэтак малацілі. Калі так, дык вось-жа й ажанюся!“ А пан сабе сьмяецца. Вясёлы наш пан, дальбог вясёлы!.. Гэтак вось Рамана й ажанілі. І вось прывёз ён сваю жонку тут да будкі… — Ну, дык бярэцеся за работу, ідзеце, цягнеце з воза бочкі: мёд ды гарэлку, а я пайду панскага каня паглядзець… (Усе выходзяць).

ЗЬЯВА 6-я.
АПАНАС, пасьля РАМАН.

Апанас (выходзіць з бандурай з бакавой кулісы, глядзіць у вакно хаты, пасьля сядае на лаве). Гэй, цярпі, казача, да часу, пасьля атаманам будзеш!.. Сэрца рвецца ў грудзёх, але цярпі, казача! Хаця салодасьці