Старонка:Сцэнічныя творы (1923—1924). Кніжка 2.pdf/98

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Раман. Ніколі ня мінае… А тут, як на бяду, няма Аксаны, каб пачысьціць сьвятліцу… Ну, дзякуй богу, вось бачу йдзе Аксана й карову гоніць…

Дзед. А я з унукам пойдзем паглядзець на дарожку. Пойдзем, хлопча! (Выходзяць).

ЗЬЯВА 3.
РАМАН, пасьля АКСАНА.

Раман (сядае, закурвае люльку).

Аксана (уваходзіць).

Раман. Чаму дзіця каровы ня пільнуе? Сапраўды іншы раз можа карову задушыць мядзьведзь, калі яна адаб‘ецца далёка ад хаты. Няхай хлапец пасьвіць карову.

Аксана. Куды яму! Ён-жа яшчэ такі малы, кволы.

Раман. На пастуха ўжо не малы. Якраз.

Аксана. Ты дзіцяняці свайго зусім не шкадуеш. Бяз сэрца ты!

Раман. Дзіця мо‘ й не маё, я ж такі й ня ведаю… Людзі кажуць…

Аксана. „Людзі кажуць“. Табе хто што скажа, таму ты й верыш. Свайго розуму ня маеш. Заўсёды толькі: „дзіця не маё, не маё“… (Плача)

Раман. Я-ж нічога гэткага не сказаў, а толькі скажу, што ня ведаю. Таму й ня ведаю, што раней ты не мая была й жыла ня ў лесе, а на сьвеце, паміж людзей. Дык як-жа-ж мне ведаць? Цяпер вось ты ў лесе жывеш, вось і добра… А такі казала мне калісьці бабка Тадора, як я па яе на сяло хадзіў: „Нешта-ж у цябе, Раман, хутка дзяціна пасьпела“. А я кажу бабе: „Як-жа-ж мне такі ведаць, ці скора, ці ня скора?“ Ну, а ты ўсё-ж-такі сьціхні галасіць, а то я засярдую, дык яшчэ мо‘ каб цябе й не адлупцаваў… (Чутно рог). Вось едзе ўжо пан! Ідзі лепш у хату і пачысьць сьвятліцу, бо пан, як заўсёды, мабыць, да нас заедзе… (Аксана выходзіць).

ЗЬЯВА 4.
РАМАН, ПАН, БАГДАН І СЛУГІ.

Пан (да Рамана). Ну, як здароў. Раман?

Раман. Дык я-ж дзякую, здароў! Што мне робіцца?

Пан. Ну й дзякуй богу, што ты здароў… А дзе-ж твая жонка?

Раман. Ды дзе-ж жонцы быць? Жонка, вядома, у хаце.

Пан. Ну, мы і ў хату зойдзем, а вы, хлопцы, пакуль што на траве дыван пасьцялеце ды прыгатуйце нам усяго, каб было выпіць ды закусіць. (Ідуць у хату: Пан, Апанас і Раман бяз шапкі).