Старонка:Сцэнічныя творы (1923—1924). Кніжка 2.pdf/100

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ты ў жыцьці не спазнаў, хаця вораг зьдзекуецца з цябе, — гэй, цярпі, казача, пакуль час помсты ня прыйшоў! Сэрца маё! супакойся, ня дрыжы, як закранутая рукой струна бандуры, сьцішся, цярпі, бо час тваёй вялікай радасьці недалёка. (Кратае рукамі струны бандуры).

Раман (выходзіць з хаты).

Апанас (глянуўшы на яго). І чаму-ж Аксана гэтакаму дурню дасталася?!

Раман. А чым-жа-ж гэта я, пане Апанасе, вам за дурня здаўся, скажэце мне?

Апанас. А тым, што ня зможаш сваю жонку ўсьцерагчы, тым і дурань…

Раман. А чаго-ж мне яе сьцерагчы? Тут, апрача зьвера, ніякага чорта й няма, вось хіба пан калі заедзе. Ад каго-ж мне жонку сьцерагчы? Глядзі ты, воражы казача, ты мяне не дражні, а то я моʻ й за чуб пацягну.

Апанас. Ня злуй ты на мяне, братка, паслухай, што табе Апанас скажа: бачыў ты, як я ў пана калісьці каля ног качаўся, боты ў яго цалаваў, каб ён Аксану за мяне аддаў? Ну, бог з табою, чалавеча… Цябе поп акруціў, гэтакі лёс мусіць. Дык ня стрывае маё сэрца, каб люты вораг ізноў над ёю і над табою пацяшаўся. Гэй-гэй! Ніхто таго ня ведае, што ў мяне на сэрцы… Дык лепей я яго і яе стрэльбаю, замест пасьцелі, пакладу ў сырую зямлю…

Раман (паглядзеўшы з дзівам на Апанаса). А ты, казача, часам з глузду ня зьехаў?

Апанас (глянуўшы ўвакруг). Слухай, Раман! Я ведаю добра, чаго пан езьдзіць сюды ў гэту пушчу… і ўсе добра ведаюць… толькі ты адзін гэтакі сьляпы ды дурны… Але годзе гэтага! Даўжэй я ўжо ня стрываю. Хутка ўжо будзе гэтаму канец!

Раман. Ой, Апанас, Апанас! Вось які на сьвеце народ благі ды хітры. А я-ж нічога гэтага, жывучы ў лесе, і ня ведаў. Эгэ, пане, пане! Ліха ты на сваю галаву надумаў…

Апанас. Ну йдзі цяпер і не паказвай выгляду, найбольш за ўсё перад Багданам. Неразумны ты чалавек, а гэты панскі сабака хітры. Дык глядзі: панскай гарэлкі шмат ня пі, а калі адправіць цябе з даяжджачымі на балота, а сам захоча застацца, хай дзед вядзе іх да старога дуба й пакажа ім аб‘езную дарогу, а сам скажы, што наўпрасткі пойдзеш па лесе… ды чым барджэй сюды вяртайся.

Раман. Добра. Зьбяруся на паляваньне, а стрэльбу ня шротам наб‘ю і ня «лёткай» на птушку, а добрай куляю на мядзьведзя…

ЗЬЯВА 7-я.
ТЫЯ-ж, ПАН, пасьля БАГДАН і інш. слугі.

Пан (выходзіць з хаты і крычыць у кулісу). Ну, хлопцы! Давайце барджэй сюды ўсяго: мёду, гарэлкі. Будзем піць ды песьні пяяць!