Старонка:Сцэнічныя творы (1923—1924). Кніжка 2.pdf/97

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Дзіця. А які-ж гаспадар, дзеду? То-ж вы самі кажаце: бура ломіць.

Дзед. Эгэ, я гэта ведаю… Я-ж яго бачыў вось, як цябе цяпер, а то яшчэ й ляпей, бо ў мяне цяпер вочы старыя, а тады былі маладыя. Ой-ой, як яшчэ бачылі мае вочы змоладу.

Дзіця. Як-жа ты яго бачыў, дзеду, скажы мне?

Дзед. А вось, усё-роуна, як і цяпер: спачатку хвоя застогне ў бары. То зьвініць, а то стагнаць пачне: о-ох, хо-о, о-хо-хо… і сьціхне, а пасьля зноў, пасьля зноў, ды часьцей, ды жаласьлівей. Эгэ, таму, што шмат яе пакоціць гаспадар уночы. А пасьля дуб загаворыць. А пад вечар усё больш, а ўночы й пойдзе круціць: бегае па лесе, сьмяецца й плача, круціцца, скача і ўсё на дуба налягае, усё хочацца вырваць… А я раз увосені і паглядзеў у ваконца; вось яму гэта й не да спадобы: падбег да вакна, тр-рах па ім карчом хваёвым, амаль мне ўсяго твару не скалечыў, каб яму пуста было, ды я ня дурань — адскочыў. Эгэ, хлопча, вось які ён злы!…

Дзіця. А як-жа ён выглядае, дзеду?

Дзед. А выглядае ён усё роўна, як старая вярба, што стаіць на балоце. Вельмі падобны. І валасы, як сухая амяла, што вырастае на дрэвах, і барада таксама, а нос, як здаравенны сук, а морда каравая, быццам абрасла лішаямі… Цьфу, які нехарошы! А ня дай божа ніводнаму хрышчонаму падобным быць да яго… Дальбог! Я так і другі раз на балоце яго бачыў блізка… А ведаеш, хлопча, што я табе скажу?.. Ён, ведама, гаспадар лясны — паскуднае стварэньне, гэта праўда. Ну, але трэба толькі аб ім праўду сказаць: ён ліха ня робіць… Пажартаваць з чалавека пажартуе, а каб ліха рабіць — гэтага ня бывае!..

Дзіця. Ды як-жа, дзеду, ты сам казаў, што ён цябе хацеў ударыць карчом?

Дзед. Эгэ, хацеў такі. Дык гэта-ж ён раззлаваўся, нашто я на яго праз вакно пазіраю, вось яно як. А калі ў яго справы носа ня сунуць, дык і ён такому чалавеку нічога дрэннага ня зробіць. Вось ён які, лясун…

ЗЬЯВА 2.
ТЫЯ-ж і РАМАН (уваходзіць).

Раман (да дзеда). Бацька, дзе Аксана? У хаце?

Дзед. Аксана пацягнулася ў лес па карову… Карова недзе ўцякла, можа й медзьвядзі задушылі… Вось яно як. Толькі я тут з унукам. А ты-ж дзе быў?

Раман (сядае). Пры балоце… Качак шукаў… уночы будзе бура… Лес шуміць…

Дзед. Будзе бура…

Раман. Чуў я ў лесе паляўнічы рог… Мабыць наш пан палюе…

Дзед. Мабыць і сюды заедзе?..