Старонка:Сцэнічныя творы (1923—1924). Кніжка 2.pdf/96

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ф. АЛЯХНОВІЧ.


ЛЕС ШУМІЦЬ.

Сценічны абразок у 2-х актах з часоў паншчыны.
(Паводле „Палескай легенды“ У. Караленкі).

АСОБЫ:

ПАН.
РАМАН, лясьнік.
АКСАНА, яго жонка.
АПАНАС ШВЫДКІ, казак.
ДЗЕД.
БАГДАН, стары слуга.
СЛУГІ, панскія даяжджачыя.
ДЗІЦЯ.


АКТ I.

Лес. На апошнім пляне відаць хату Рамана.

ЗЬЯВА 1.
ДЗЕД і ДЗІЦА (сядзяць на прызьбе).

Дзед (прыслухоўваючыся да шуму лесу). Лес шуміць… Бура йдзе… Ведаю… Ой-ой: загудзе ўночы бура, хвоі будзе ламаць, з карэньнем выварачваці пачне. Загуляе лясны гаспадар…

Дзіця. А скуль ты гэта ведаеш, дзеду?

Дзед. Эгэ, гэта я ведаю, добра ведаю, як дзерава гаворыць. Дзерава, хлопча, таксама баіцца… Вось асіна, праклятае дзерава, усё нешта лапоча, — і ветру няма, а яна дрыжыць. Хвойка ў бары ў ясны дзень іграе-зьвініць, а як пачнецца вецер, яна загудзе-застогне. Гэта яшчэ нічога… А ты вось слухай цяпер. Я хоць вачыма дрэнна бачу, а вухам чую: дуб зашумеў, дуба ўжо чапае на палянцы… Гэта на буру!.. (Зашумела ў лесе гальлё). Эгэ, ці чуеш, хлопча?.. Я ўжо ведаю: кранула гэтак вось дуба, значыцца, гаспадар уночы пойдзе, ламаці будзе… Але не, не зламае! Дуб — дзерава моцнае, і не на гаспадараву нават сілу… вось як!