Старонка:Сцэнічныя творы (1923—1924). Кніжка 2.pdf/94

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ягор. Скуль я… тутака?..

Матка. Прынесьлі вас на нашу бяду нейкія з вуліцы… Вось як успакоіцца, трэба вас будзе ў бальніцу…

Ягор. Ня трэба… у бальніцу… арыштуюць… (На вуліцы робіцца спакайней).

Матка. Ага!.. А што-ж вы думаеце, што тут у нас ляжаць і хварэць будзеце? Не, панок, выбачайце, але гэтага ня будзе! І так праз вас ужо шмат няпрыемнасьці было… Ах, пан Ягор, пан Ягор! Шмат вы мне дрэннага зрабілі, шмат! І за што? Нашто вы Людвіську збаламуцілі? Нашто вы ёй у галаве перавярнулі? Эх, пан Ягор! Вось цяпер кара божая на вас за гэта!.. Ах, каб цяпер раптам увайшла поліцыя! Што-ж бы я ім адказала? Як выкруцілася? — Ляжыць ранены — і няма ніякага адказу! Прапалі-б мы зусім. Што мне цяпер з вамі рабіць? Што рабіць?

Ягор. Я… адпачыну… ураз… пайду…

Матка. Пойдзеце, але!.. Так толькі кажаце. Як-жа-ж пойдзеце, калі вы ні рукой, ні нагой крануць ня можаце? Эх, бяда з вамі ды й толькі!.. А Людвіську выкіньце, панок, з галавы і не намаўляйце на гэтыя рэволюцыі. Яна ўжо мне прызналася, што вас ня любіла і ня любіць і што вы задурылі ёй галаву сваімі гутаркамі… Эх, праўда!.. Што я тут яму кажу, калі ён няпрытомны! Тут доктар патрэбны, а не мае словы!.. А што з гэтай Людвіськай?! Каб, барані бог, ня здарылася якое няшчасьце!..

Ягор. Дайце… піць…

Матка. Што, піць хочаце? Пачакайце, ураз вам прынясу сьвежай вады!.. (Ідзе налева).

Ягор (цяжка падымаецца). Ня трэба… ім… перашкаджаць… Хай сабе… жывуць… Як раней… Няхай… дзе шапка… Ня буду перашкаджаць… (Хоча ісьці да дзьвярэй і валіцца каля парогу).

ЗЬЯВА 12.
ЯГОР — ЛЮДВІКА.

Людвіка (убягае). Ідзе доктар, Юрка!… Юр… Што гэта?! Юрачка! (Падбягае да яго і падымае яго галаву). Што з табой, кажы, Юрачка! Юрка!.. (Пабачыўшы праўду, крычыць). Ах! Ня жыве!.. Памёр!.. Без мяне!.. Божа! Што мне рабіць?! Забілі, зьвяры, майго Юрачку!.. Помста разбойнікам! (Падымае з яго грудзей змочаную ў крыві хустачку). Вось мой штандар! Ён увесь у крыві! Помста за пралітую кроў!.. (Удалі чуваць сьпеў: „Чырвоны штандар“). Цс!.. Юрка! Чуеш? „Чырвоны штандар!“ Наш „Чырвоны штандар!“ Пяюць! Ідуць… Помсту нясуць за работніцкую кроў!.. (Пачынае рытмічна дэклямаваць у тахт сьпяванага за сцэнай маршу).