Старонка:Сцэнічныя творы (1923—1924). Кніжка 2.pdf/93

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЗЬЯВА 9.
МАТКА — ЛЮДВІКА — НЕЗНАЁМЫЯ.

Матка. Не нясеце! Не нясеце! Ня трэба! Што вы?! Згубіць нас хочаце!?

I Незнаёмы. Хочаце, каб яго коні казацкія здратавалі?

II Незнаёмы. Чалавек памірае, а вы бяз ніякай літасьці!.. (Выходзяць. Людвіка і Матка стаяць трохі часу, ня ведаючы, што рабіць).

ЗЬЯВА 10.
МАТКА — ЛЮДВІКА — ЯГОР.

Людвіка (пасьля паузы). Трэба, як яго ратаваць… (Падыходзіць да канапы). Таварыш! Што вам? Вы ранены?

Ягор (памалу адварачвае галаву).

Людвіка (з крыкам кідаючыся да яго). Юрка!!!

Ягор (цяжка дыша, яму трудна гаварыць; прытамнее). Дзе я?…

Людвіка. Ты тут… у нас!

Ягор. У вас?.. Я думаў, што… (Глядзіць на Людвіку, выцягвае руку). Людвіся!.. Ты?

Людвіка. Я… гэта я, Юрка! Што табе? Цябе ранілі?

Ягор. Дыхаць… цяжка… Здаецца… тут. (Паказывае на грудзі).

Матка (прыглядаецца збоку к лэтай сцэне. З яе твару відаць, што вельмі нездаволена).

Людвіка (расшпіляе камізэльку й кашулю Ягора). Ах, мама, мама! Памажэце мне, я ня ведаю, што рабіць!

Ягор. Ня трэба… нічога… пройдзе…

Матка (падыходзіць). Цяпер няма як ні доктара паклікаць, ні да аптэкі схадзіць… (Паказваючы на вуліцу). Чуеш, што там?

Людвіка. Аптэка блізка… Я пабягу… Выйду праз браму…

Матка. Бойся-ж бога! Як-жа-ж ты цяпер пойдзеш?

Людвіка. Нічога… (Выбягае направа).

ЗЬЯВА 11.
МАТКА — ЯГОР.

Матка. Людвіся! чакай!.. Людвіся. (Да сябе). Пабегла! Ах, што гэтая дзяўчына робіць!?… (Падыходзіць да Ягора). І нашто было вам туды лезьці? Ах, людзі, людзі! (Выбірае з шафы палатняныя кавалкі і бярэ са стала збанок з вадой). Самі сябе не шкадуюць! Губяць сваё жыцьцё маладое!.. А Людвіська!? Паляцела! А там на вуліцы пекла!.. Ах, людзі, людзі!.. (Вяртаецца да Ягора). Пачакайце, прымеце руку… вось так… (Абмывае яму рану).

Ягор. Хто гэта?.. Вы… пані?..

Матка. Але… але… Ляжэце спакойна!