Старонка:Сцэнічныя творы (1923—1924). Кніжка 2.pdf/92

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Кроў нашу льюць ракамі,
Сьлёзы народныя цякуць.
Расправу з часам зробім самі,
Ці-ж будзем вечна каркі гнуць? —
Ня будзем каркі даўжэй гнуць!

Гэй, далей! Гэй, далей! Чутно кліч:
Штандар наш пераверне троны!
Ён увесь у крыві,
Аб волі родзіць сны.
А яго колер ёсьць чырвоны,
Бо ён у работніцкай крыві,
Бо ўвесь ён змочан у крыві!
Гэй, проч, тыраны, проч з дарогі!
Хай прападзе ваш стары лад!
На суд вас клічам, на суд строгі
За крыўды, што цярпеў наш брат…

(Матка і Людвіка крыху маўчаць і слухаюць).

Людвіка (да сябе). Чырвоны штандар!.. (Хапае капялюш).

Матка. Ты! Ты куды хочаш ісьці?

Людвіка. Там — на дэманстрацыю! Там пяюць песьню крыві і свабоды! Я там павінна быць!..

Матка (адбірае ад яе капялюш). Ня пойдзеш!!

Людвіка. Пайду! Яны — гэтыя, што там, бліжэйшыя мне ад роднай маці!.. Пусьцеце!.. аддайце капялюш!

Матка. Ах ты вырадак гэткі! А я кажу, што ня пойдзеш, ашалеўшая ты дзяўчына!

Людвіка. Не даеце?! Добра! Пайду і так!.. (Хапае з канапы хустку. Чуваць трэск выстралаў. Пяяньне „Чырвоны штандар“ зьліваецца з гоманам народу).

Гоман народу. — Уцякай! войска йдзе!
— Хавайся ў браму! Салдаты страляюць!..
— Далоў самадзяржаўе! Няхай жыве рэволюцыя!
— Людцы добрыя! Ратуйце!..
— Людзі! Не дратуйце! Памажэце ўстаць!
— Давай дарогу, калі сам ня йдзеш!.. і г. д.
(Праз вокны відаць народ, які заховываецца адпаведна да вышэйдадзеных слоў. Чуваць звон разьбіванага шкла).

Матка (са злой іроніяй). Вось маеш!.. Ідзі цяпер!.. Што-ж ты стаіш?! Засунь фіранкі! Хутчэй! Хутчэй!.. (Адна засовывае фіранку на адным вакне, другая — на другім).

Матка. Зачыняй дзьверы! Хутчэй! (Абедзьве бягуць да дзьвярэй. Раптам дзьверы з імпэтам адчыняюцца і ўваходзяць 2-х незнаёмых, нясучы якогась мужчыну, якога кладуць на канапе. Твару яго ня відаць, бо адвернен ад публікі).