Старонка:Сцэнічныя творы (1923—1924). Кніжка 2.pdf/91

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Людвіка. Мама! Я маму вельмі прашу… Мама памятае? — тут у нас кватараваў Ягор Івашка?

Матка. Дык што? Яго-ж няма.

Людвіка. Мамачка! ён сягоньня прыдзе. Ён прыехаў. Ён пісаў.

Матка. Каб нам бяды набрацца — яго-ж поліцыя шукае. Добра, што тады так шчасьліва ўдалося з гэтай рэвізіяй, — не заўсёды будзе… Чаго-ж ён?..

Людвіка. Ну, так сабе… у госьці… да знаёмых… Што-ж тут дзіўнага?

Матка. Ага, вось яно што! Знакам тым, між вамі яшчэ ня кончылася, а я ўжо думала… Эй, дзяўчына! усё ты робіш супроць мяне, усё не паводлуг маіх думак. Ну, што Ягор? Ці-ж гэта муж? Праўда, ён нічога… сымпатычны, разумны, аж дзівота, што просты работнік ды такі вучоны, але што-ж, калі ў галаве перавернута гэтай рэволюцыяй!.. (Сядае).

Людвіка (ня гледзячы на матку). Мама ўсё: муж ды муж, замуж ды замуж! Ці-ж нельга так быць знаёмымі?

Матка. Я даўно ўжо бачыла, что між вамі нешта было, я-ж не сьляпая, дзякаваць богу! Людвіська, кажы мне шчыра ўсю праўду: было між вамі што, ці не?

Людвіка (як вышэй). Чаго мама хочаш?

Матка. Кажы: так ці не?

Людвіка. Нашто мама мяне мучыць?

Матка. Гэта ты мяне мучыш! Ня маеш літасьці да маіх сівых валасоў! Адказывай: так ці не?

Людвіка. Мама… бо-ж я люблю яго!.. (Сядае й закрывае вочы рукамі).

Матка (сумна). Здурэла мая дачка, здурэла… ашалела! Эх, і маёй віны тут шмат! Чаму-ж я адразу, як пачала нешта дагадывацца, не прагнала яго, як сабаку, гэтага бязбожніка, соцыялістага праклятага!.. Вось, значыць, якія ўсе гэтыя вашы „таварышы!“ — толькі ласы на чэсьць дзявочую, а пасьля — фіў! і паляцеў дзесьці ў сьвет шырокі.

Людвіка (блізка плачу). Мама! Хочаце — праганеце мяне! Я зараз пайду ад вас і не вярнуся болей, толькі ня мучце мяне!.. І скуль гэта ў вас бярэцца гэтая злосьць да мяне, да ўсіх, да ўсяго сьвету?! Вы-б толькі мучылі ды мучылі мяне сваімі гутаркамі, кажучы, што гэта для дабра майго робеце… Я даўжэй, дальбог, ня вытрываю! Кіну вас і пайду, куды вочы панясуць!

Матка. Так, туды табе і дарога! Я бачу, што табе даўно ўжо хочацца йсьці, „куды вочы панясуць“, валацуга ты!!…

Людвіка (ускаківае). Я яшчэ не такая, але можа буду такой з віны мамы! Бо ня вытрываю тут, дальбог, ня вытрываю! Мне душна тут! Зразумейце: мне душна тут!! (За сцэнай прыбліжаецца сьпеў многіх галасоў).