Старонка:Сцэнічныя творы (1923—1924). Кніжка 2.pdf/90

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ны, калі на нас можа зваліцца няшчасьце. Я бачу, што ты спуталася з гэтымі здурэўшымі рэволюцыянэрамі (іронічна), з „таварышамі“…

Людвіка (стаіць). Ды кіньце, мама!

Матка. Не, ня кіну! Хто-ж я табе, — чужая ці родная маці, каб мне не балела сэрца, бачачы, што з табой робіцца. Што ты думаеш, што нешта вялікае зробіш? Не тваім носам рабілі і не зрабілі, а толькі марна згінулі.

Людвіка. Ды кіньце, мама!

Матка. Што „кіньце?“ Я ёй кажу да розуму, хачу яе прасьцерагчы, а яна: „кіньце ды кіньце“… Так, так, добра! Ня слухай мяне, а слухай розных сваіх „таварышоў“, яны цябе на добрую дарогу вывядуць!.. Мо‘ нават бяз шлюбу пачнеш жыць з нейкім з гэтых гарэтыкаў.

Людвіка. Чаго мама да мяне сягоньня прычапілася, дальбог не разумею!?

Матка. „Прычапілася!“, „прычапілася!“ Гэта-ж як ты мне адказываеш! Бачу, што цябе ўжо яны зусім перарабілі на свой капыл: маткі сваёй не паважаеш!.. Людвіська! Ты ўжо ня дзіця! Табе ўжо 18 гадоў. Ужо пара падумаць аб сабе. Пара ўжо выйсьці замуж за якога статэчнага чалавека… Бо, памятай, што сапсаваць сабе рэпутацыю вельмі лёгка, і тады праз усё жыцьцё пакутаваць будзеш і мяне праклінаць, што я цябе не сьцерагла.

Людвіка. Не хачу я замуж!

Матка. Бо дурная. (Устае). Эх, Людвіська, Людвіська! Кажу табе да розуму, хачу выратаваць цябе, раблю, што магу. Ня слухаеш маёй рады — рабі, што хочаш: сама ўсяму віной будзеш! Э-хэ-хэ! Дачакалася я пацехі на старасьць!.. (Выходзіць).

ЗЬЯВА 7.
ЛЮДВІКА (адна).

Людвіка (сьціснуўшы плячамі). Чаго, дальбог, мама… не разумею! (Адчыняе пісульку. Зірнуўшы ў яе, уцешылася). А!.. (чытае). „Прыехаў на пару дзён. Сягоньня пабачымся. Твой Юрка“. (Гавора) Юрка прыехаў! Юрачка прыехаў! (Махінальна бяжыць да люстэрка й папраўляе валасы). „Сягоньня пабачымся“… значыць ён хіба сюды прыдзе? Гм!.. Што тут зрабіць?! (Кліча) Мама! Мама!

ЗЬЯВА 8.
МАТКА — ЛЮДВІКА.

Матка (уваходзіць). Чаго хочаш?

Людвіка. Мама… Мамачка! Я маю да мамы просьбу: сягоньня тут да нас нехта прыдзе…

Матка (іронічна). Мусіць ніхто іншы, як якісь „таварыш?“