Старонка:Сцэнічныя творы (1923—1924). Кніжка 2.pdf/88

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

це, кудлаты такі, ускочыў на стол і як пачаў гаварыць, як пачаў гаварыць, так быццам аблакат якісь. Толькі на момант дух перавядзе, і зноў гаворыць і зноў гаворыць! А каб вы ведалі, што ён казаў!? Не паверыце! (Цішэй). Усё на цара ды на цара. „Проч, кажа, цара і ўсё такое; няхай жыве, кажа, рэволюцыя!“

Матка. А поліцыя што-ж на гэта?

Суседка. Так пачакайце-ж, панечка!.. Поліцыі нідзе няма ні духу, як памялом вымела!.. Так вось, як той кончыў, усе пачалі крычаць, пляскаць рукамі — авантура!.. Ажно тут ускочыў на той самы стол жыдок якісь, малы, чарнамазы… Той таксама як пачаў, як пачаў паіхнему, пажыдоўскаму гергатаць, так я-ж дзівавалася, скуль гэта ў яго гэтулькі бярэцца! Ажно, нарэшце, узьлез якісь лахматы, з барадой, ні-то мужык, ні-то мясцовы — і пачаў, ведаеце, панашаму, папростаму гаварыць… „Ды што, кажа, паны, тое ды сёе; што, кажа, буржуазы гэткія, каб іх немач! Проч, кажа, цара і тое ды сёе“, — так я аж заплакала.

Матка. А што дабра з гэтага, мусіць, ня будзе, так ня будзе. Сама скажэце, панечка, вось бялізны ляжыць куча, сухая ўжо, качаць, прасаваць трэба, а ніводная з дзяўчат ня прыйшла да работы — пайшлі, мусіць, на гэтыя свае мітынгі!.. І родная дачушка і тая кудысьці, бачыце, паляцела, — таксама, мусіць, на якісь мітынг… А я тут сяджу адна, як малпа, пазногці абцяўшы, і ня ведаю, што рабіць.

Суседка. То-ж вы ня ведаеце, панечка, на чыгунцы забастоўка — ні адзін поезд ня йдзе, на почце забастоўка, усе фабрыкі, крамы — усё зачынена! Людзі па вуліцы ходзяць, як у сьвята якое, нічога ня робяць…

Матка. Божа мой! Што з гэтага ўсяго будзе!?

Суседка. Мусіць добра будзе, калі ўсе так за адно ўзяліся.

Матка. А мяне страх бярэ.

ЗЬЯВА 2.
МАТКА — СУСЕДКА — ЛЮДВІКА.

Людвіка (уваходзіць з вуліцы. Да суседкі). Дзень добры, пані!

Суседка. Добры дзень! Што-ж чуваць?

Людвіка. Вы-ж, пані, былі на вуліцы — самі ведаеце, што чуваць.

Суседка. Але… Але…

Матка. Скажы мне, калі ласка, дзе ты бадзяешся? З дзяўчат ніводная сягоньня ня прышла, а ты, замест памагчы мне тут, нямаведама дзе цягаешся без патрэбы!

Людвіка. Ёсьць цяпер важнейшыя рэчы, чымся прасаваць якуюсь там бялізну… (Распрануўшыся йдзе ў пакой налева).