Старонка:Сцэнічныя творы (1923—1924). Кніжка 2.pdf/86

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Людвіка (як вышэй) …няхай за маю нявернасьць…

Ягор. …першая на вуліцы куля расчэпіць мне галаву…

Людвіка (як вышэы). …першая на вуліцы куля расчэпіць мне галаву. (Ягор хавае рэвольвэр. Цалуюцца. За вакном чуваць цяжкія крокі некалькіх людзей і рук зброі).

Ягор (хутка задзьмухівае сьвечку). Патруль! (Паўза. Запаляе сьвечку). Праз шчэліны ў вашых вакеніцах відаць усё, што дзеецца ў сярэдзіне.

Людвіка. Я закрыю. (Закрывае вакно коўдрай).

Ягор (памагае ёй). Ну, вось так… так будзе спакайней…

Людвіка (сядае на канапе).

Ягор (сядае на падлозе і кладзе галаву на яе калені). Ох, як мне добра, Людвіська! Добра!.. А табе?

Людвіка. І мне добра, Юрачка!

Ягор. Каб так праз усё жыцьцё!

Людвіка. Ты хацеў-бы?

Ягор. Але!

Людвіка. Ад цябе гэта залежыць.

Ягор. Не, Людачка, гэта ня так! Хто ня ведае, дзе заўтра прачнецца, ці на сваім сяньніку ў хаце, ці на турэмных нарах, той ня можа… не павінен ствараць сабе сям‘ю, бо… і іншым папсуе жыцьцё і сябе адарве ад справы грамадзянскай… Іншым ужо так на долю выпала: праз усё жыцьцё быць бясхатнімі… Прачытай вось тую кніжку, што я калісь табе даў, — зразумееш…

Людвіка. Юрка! А калі-б і я працавала з табой для справы грамадзянскай, калі-б мы супольна працавалі, тады-б маглі быць заўсёды разам? Юрка! пазнаём мяне з кім трэба, дай працу!

Ягор. Я ўжо аб тым думаў… Я казаў ужо табе. Тут да цябе яны самі зьвернуцца… як прыдзе час… Бач толькі, каб твая мама ні аб чым не даведалася…

Людвіка. О, барані бог! Не даведаецца!

Ягор. Бо зрабіла-б страшэнную авантуру!.. Вось пакуль-што чытай. Прачытай усе кніжкі, якія я табе даў…

Людвіка. Добра… І тады будзем заўсёды разам. Я паеду туды, дзе ты будзеш, пашукаю для сябе якой работы. Добра, Юрачка? Будзем разам?

Ягор. Будзем разам… пакуль турма не разлучыць…

Людвіка. Ох, не кажы так, бо мне плакаць хочацца! (Чуваць дзесьці званок ад брамы).

Ягор (слухае). Цсс!.. Звоняць!

Людвіка (спакойна). Звоніць нехта да стоража.

Ягор. Звоняць!! Маю благое прачуцьцё!.. Хто ведае! Мо‘ гэта… (Чуваць стук у дзьверы з вуліцы). Прышлі!! Трэ‘ ўцякаць!

Людвіка. О, божа!.. Дзе ж ты схаваешся?!