Старонка:Сцэнічныя творы (1923—1924). Кніжка 2.pdf/85

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Людвіка. Ну, кажы толкам: куды едзеш? на што? ці канешна патрэба?

Ягор. Трэба, Людвісечка, трэба! Ахрана напала ўжо на мой сьлед. Калі-б мяне злавілі, кепска было-б для мяне й дрэнна для справы. Трэба ўцякаць!.. Апрача таго, я тут ужо зусім непатрэбны: тут работа ўжо наладжана, ідзе добра, а вось провінцыя патрабуе людзей… (Абыймае яе). Ах, Людвісечка! Каб ты ведала, як мне ня хочацца ехаць, раставацца з табой! Ды нічога не парадзіш, трэба ратавацца!..

Людвіка. Божанька ты мой! Мне страх, ці спаткаемся яшчэ калі ў жыцьці!

Ягор. О, Людвісечка! Яўж буду ад часу да часу прыяжджаць, пабачымся… (Сядае на канапе). Ох, замарыўся я праз увесь дзень! (Глядзіць уперад). Усё кіпіць, усюды йдзе работа, кожны дзень прыносіць з сабой новыя здарэньні… Здаецца, хутка спыніцца рух на чыгунцы…

Людвіка (радасна). Што ты кажаш?

Ягор. Але! Усё жыцьцё стрымаем! Усё стане!..

Людвіка (як вышэй). А Юрачка-ж ты мой!

Ягор. Вось як то будзе, мая галубанька! І хутка ўжо трэба будзе выйсьці на вуліцу, каб паказаць сьвету нашу моц, нашу сілу!.. Цяпер організуюцца лятучыя баявыя дружыны, і вось я еду організаваць гэтыя самыя дружыны на провінцыі…

Людвіка. Юрачка ты мой! Каб цябе толькі там не злавілі!

Ягор. Хіба не… А што суджана, ад таго не ўцячэш! Няма што!.. (Раптам). Людвіся, любіш ты мяне?

Людвіка (сьмяецца). Вось — пытаецца!

Ягор. Вельмі? Моцна?

Людвіка (жартуючы). Не, ня люблю! (Закідае яму рукі на шыю й сьмяецца). Ненавіджу!

Ягор (як вышэй). Ніколі не забудзеш?

Людвіка. Нашто пытаешся? — Ніколі!

Ягор (як вышэй). Прысягнеш?

Людвіка. Прысягаю!

Ягор. Не, ня так! (Выймае рэвольвэр). Прысягнем сабе вернасьць на гэтым браўнінгу… (Складываюць рукі на рэвольвэр). Прысягаю…

Людвіка (паўтарае за ім). Прысягаю…

Ягор. …што буду цябе любіць вечна…

Людвіка (як вышэй). …што буду цябе любіць вечна…

Ягор. …аж да гробу…

Людвіка (як вышэй) …аж да гробу…

Ягор. Калі-ж-бы здрадзіў цябе...

Людвіка (як вышэй). Калі ж бы здрадзіла цябе…

Ягор. …няхай за маю нявернасьць…