Старонка:Сцэнічныя творы (1923—1924). Кніжка 2.pdf/52

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

мой, божа! Каты паганыя, згубіцелі. Гвалту, крыміналу нарабілі, каб ім ня выдыхаць было-о-о!.. Сынок мо-о-ой!

Вураднік. Віш, разравелась. Сынок мой! Вот то-то тебе сынок и наделал…

Міхась. Гэтакіх-бы сынкоў ды на шыбеніцу. (З вуліцы даносіцца голас: „Яго даўно ўжо трэ было-б павесіць)! (Аўгеня галосіць. Яго спыняе другі голас: Га, ты-б усё вешаў-бы! Цябе павесіць“).

Заслона.


ДЗЕЯ IV.

Гаспадарства Рыхлы. Шырокі муравісты прыгумень, з чатырох бакоў роўны. З аднаго гумно, насупроціў двор, які праходзіць дарожкаю між хаты і хлявоў з аднаго боку і пекнага саду — з другога. З двух другіх бакоў ля платоў растуць у радок высокія падгалістыя ялінкі, між якімі ўперамешку уваткнута некалькі бярозак. Прыгумень прыбраты. Ялінкі зьвязаны дзеразою. К гумну, у правым кутку, стаіць адзін стол, поўны закускі і з некалькімі пляшкамі гарэлкі. Радам з ім яшчэ два сталы. Між ялінак стаяць услоны. Па галу-ж спацаруюць папарна. Пекны сонечны дзень. За першым сталом сядзяць Палута ў вянку, а пры ёй Ян. З другога боку Яна — Якаў Кішка, потым Матруна. Ля Палуты — Волька, Прузына, бацькі і маці. За гэтым-жа сталом відзён і вураднік. За другім чалавек з дванаццаць вясельных. За трэцім — музыкі. Усе заняты пачосткаю, сядзяць ціха і толькі слухаюць гутарку на першым стале. Супроць маладых гараць дзьве сьвечкі, уткнутыя ў бахонак хлеба. Па заплоцьцю многа дзяцей і сталых, якія глядзяць вясельле.

ЗЬЯВА 1-я.
ЯКАЎ — СЫМОН — ЯН — МАТРУНА — ВУРАДНІК — ВОЛЬКА — ПАЛУТА — МАРШАЛАК — ДОМНА — ВЯСЕЛЬНЫЯ.

Якаў (трымаючы ў руцэ чарку гарэлкі і абяцаючы да Сымона). Будзь здароў, сваце. Як бачыш — нядаўна, можна казаць, толькі гадалі, а цяперака вось праз які месяц і прыгода. Ці доўга трэба часу. Абы жывы і здаровы, то ўсё можна раз, раз. (Аглядаючы ўсіх з вясёлаю мінаю. Абварочваецца к Матруне). Матруна ўсё сумнявалася, казала, што мо‘ Сымон перадумае ды ня выдасьць Палуты. А я кажу: Сымон ня гэткі чалавек, каб сваё слова зьмяніў — абяцаў, то так і будзе. Унь я, дзякуй богу, Рыхлаў ведаю… Ну, будзь здароў, сват. (Адварочваецца да маладых). Дык вось, небажаты, глядзеце ўжо, каб вы жылі згодна і памяркоўна, слухалі бацькоў сваіх. А ўсё тое, што было дасюль, трэ‘ забыць вам. То мінулае, дзіцячае, можна сказаць, а цяперака ўжо трэ‘ прымацца за сталае жыцьцё, за гаспадарства. Ці ня праўда, Сымоне? (Падносіць чарку да губ і зварочваецца да Палуты). Палута, а ты-ж чаго пасмутнела? Шкадуеш чаго, ці што? Кінь, нябога, забудзь ужо.