Старонка:Сцэнічныя творы (1923—1924). Кніжка 2.pdf/53

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Гэ, мала што было!.. Павянчалася, досыць; другое пайшло… (Глядзіць на чарку, потым зварочваецца да ўсіх вясельных). За нашых маладых, за шчасьце і долю іх, за шчасныя гады ім наўсягды. (Усе ў адзін голас: „Віншуем, віншуем“. Якаў выпіває і налівае другую). Сваце, Сымоне, хай і цябе ўкусіць крыху. На, выпі. (Падае). Кусашчая, падла, едкая. Паглядзеце, родныя і суседзі, толькі на іх, на маладых. Ці-ж ня золата гэта? Ці-ж не пралескі? Янка, Палута, дружкі, частуйцеся, весялецеся. Скакаць скора заставім, а на галодны жывот — будзе цяжка… (Да ўсіх зварочваецца). Ежце, частуйцеся, не шкадуйце… А вы, музыкі, таксама, уперамежку, закусеце і паграйце, каб… каб весялей было… Ну, то за здароўе дзяцей выпі. Выпі, сваце. На!

Сымон. За здароўе вашае, дзеткі, за вашу шчасную долю, за згоднае і спакойнае жыцьцё. Трэба табе, свахна, прымаць чаргу. Сваха Матруна, будзь здарова. Аддаю табе дачку ў гаспадыні, нібы золата. Дзякаваць будзеш: паслухмяная, кемкая, гасьцінная. Які ўжо я злы, а ніколі і пальцам не крануў… (Да Палуты). Вось, Палутка, глядзі ты, у свой чарод, слухайся мацеры, не перакор, павінуйся, дачушка, ёй. З Янам ладзьце, шануйце адно аднаго… Мінулае забудзьце…

Якаў. Пі, сваце, пі…

Сымон (крывіцца). Ды мяне ўжо нечага пільнаваць, нечага за мною сачыць. Я гаспадар тутка і мушу сам даглядаць гасьцей, а выпіць самому — час знойдзецца, сваце. (Да ўсіх). Госьці даражэнькія, не чакайце, пакуль вас папросяць, — пеце, ежце. Дзякуй богу, першую прыгоду спраўляем — значыць, няма чаго сароміцца.

Ян (да Сымона). Выпіце, татку.

Матруна (устае й працягвае рукі к Сымону). Выпі, выпі, сватка, а то і я ўвапруся ды не захачу… Ня звалішся з ног. А калі і звалішся раз, то будзеш хаця помніць, што на даччыным вясельлі падгуляў, ажно і валіўся ня раз.

Якаў (ківае пальцам). Пі, пі…

Сымон (праходзіць ля сталоў і ўсіх запрашае. Госьці ў голас і кіўкамі дзякуюць, пасьля варочаецца к Якаву). Ну, то вып‘ю, але за мною ўсе. (Абводзіць рукою). За здароўе маладых і нас усіх. (Выпівае. Усе абходзяць чаркамі, потым старэнна закусваюць. Музыкі настройваюць струмэнты). Кажу, што гэта апошняя чарка. (Налівае і падае Матруне). Табе, свахна, чарга, табе, родная. Пі, не прапушчу я ўжо. (Да ўсіх). Запрашаю, панове госьці, не далікаціцца. (Адыходзіць кудысь).

Вураднік (да суседа). Хтосьці падказаў. Ня йначай падказаў. Ён-бы ня ўцёк, ні за што ня ўцёк. А то якраз к вечару і растаў, бы канфара. (Палута і Волька прыслухоўваюцца. Чуе і Якаў, але бы ня дбае і не зварочвае ўвагі). Прыходзім — ведаем і — няма. Выходзіць з хаты маці яго і кажа — няма. Мы трасьці, шукаць — няма. Вось, знача, як ёмка ўцёк… Няйначай хтосьці падказаў… Але злаўлю! Ня я буду, калі не злаўлю!