Старонка:Сцэнічныя творы (1923—1924). Кніжка 2.pdf/37

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Гэля. Ды не наставай ужо ты, Ян. Жывасілам гоніш з хаты.

Вінцэнт. А вось мяне, дык якраз і ня выганіць. Я з сягоньняга дня якраз і пачынаю надаядаць ім. А вы можаце сабе выбірацца.

Тодар. Як сабе хочаш, а мы йдзём. Ідзём, Ян.

Ян. Я ўжо гатоў. А дзе-ж мая палка? Ага, ёсьцека.

Тодар. Дык дабранач вам. Пойдзем.

Матруна. Што-ж з вамі парадзіш. Ня спыніш сілаю. Дабранач. Мы на закрутку запіраць ня будзем. Толькі на засаўку. А есьці пакінуць?

Ян. Добра, добра.

Тодар. Пакіньце, ня крыўдзьце.

ЗЬЯВА 5-я.
ВІНЦЭНТ — МАТРУНА — ГЭЛЯ.

Матруна. Маладосьць. Цягне гуляць. Я-ж, бач, і сама перажывала калісьці і добра ведаю. А цяперака як і ня было таго. Нагаруешся, напрацуешся і рад-бы як хутчэй легчы спачыць. Ні месяц, ні сьвятло яго не чаруюць, як бывала. Усё бог дае, небажата, у сваю пору. Сьвет так пабудаваны… (Да Вінцэнта). Ну, а як вашы хаця там маюцца? Я ўжо доўгі час не страчалася з імі. (Мые рукі і йдзе к сталу, дзе садзіцца). Вядома, нікуды сама і ня йду — мо‘ і за гэтым. Прыдзецца да крамы зайсьці — дык і то пасылаю Гэлю. Ды цяперака і да крамы няма чаго йсьці: мясаед і лета…

Вінцэнт (расхаджвае па хаце, гладзіць косы). І нашы неяк абсядзеліся ў доме апошнім часам. Ужо мо‘ з месяц да Граева нават ня ехалі. Праўда, маці з братам надоячы ў Тарэсы была, там сьвякроў, дачку аддавала замуж.

Матруна. На вясельле, бач, езьдзіла? Запрашалі, нябось?

Вінцэнт. Здаецца, хоцькі я і ня дужа цікавіўся. Не маё дзела. Як і што яны там ня ведаю…

Матруна. А скора патрэбна і самому жаніцца. Гады — чаго чакаць. Знайходзь дзяўчыну і… Мы Яна думаем няйначай жаніць гэтым летам…

Вінцэнт. Перш Ян, а потым і я. А Яну такі няма чаго марудзіць. А то пакуль ён адумаецца — дык і маладую ўтраціць… Той пільнуе парадкам. А гэта хлопец ёмкі.

Матруна. Лісук гэты?

Вінцэнт. А, вядома, ніхто іншы. Закруціў Палуце голаў і ня знайся той… Але мы парашылі з ім штуку ўстроіць!

Матруна. Якую штуку?

Вінцэнт. А вось якую: я папрашу дзядзьку, хай ён данясе на яго станавому, што ён дэмократ, бязбожнік і, наогул, шкодны чалавек.