Старонка:Сцэнічныя творы (1923—1924). Кніжка 2.pdf/38

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

А станавы яго і схопіць… Цяперака ўсюды такіх ловяць… Абы крыху прыкмецілі, ці пачулі — дык і сюды. Вось і з Лісам тое самае. Забяруць, пасадзяць і чакай, пакуль выкруцішся. А ў гэты час Ян можа і сватацца. Ці ня добра так, цётка? Або мо‘ ня варт ён таго, скажаце?

Матруна. Вось калі! Чаму ня варт. Яму яшчэ мала гэтага. Такі жулік, распусьнік, што шыбеніцы яму мала. Усім надаволіў ён. Але Рыхлы цьвёрда стаяць на сваім — як мага засьцярагчы Палуту ад яго. Яны ведаюць добра, што нясе ім яе вандзіганьне з ім! Вось усялякся й засьцерагаюць яе ад гэтага… (Яшчэ падбліжаецца к Вінцэнту і лісьліва глядзіць яму ў вочы). А ведаеш, сынку, к Яну дык абое, як Сымон, так і Домна — душы ня чуюць. Хоць сягоньня спраўляй заручыны. Ды, папраўдзе, дзе ім усьміхнецца гэткае шчасьце? Вось я й думаю, каб угаварыць Яна — ды не чакаць доўга, а пасылаць сваты. Ці ня праўда?

Гэля. Ды Яна і ўгаварваць ня трэба: ён кожны дзень гатоў на гэта.

Вінцэнт. Так, я думаю таксама тое.

Матруна. Ды я ведаю, што Янучок згодзен. (Памаўчаўшы). Даруй мне, я йзноў, бач, аб Палуце скажу — неяк уцерпець нельга. Гэта-ж падумай сам, Вінцуля, дзяўчына, пане мой, багатых, знатных гаспадароў ды вазьмі спляціся чуць не з жабраком па беднасьці ды соцыялістым шчэ, бязбожнікам. Усяму роду ганьба. Няпраўда мо‘? Трэба-ж як выкараскаць яе з гэтае кампаньні. А пажаненьне з Янам — найлепшае выйсьце.

Вінцэнт. Вядома. Праўда.

Матруна (забыла пра мыцельнік; уваходзіць у цік). Хто-б то пайшоў бы сьціху на гэта. Запляміць сваё котлішча мала які чалавек з розумам захоча. А Сымону Рыхлу ў розуме адказаць ніхто ня сумее. Гэтага чалавека паважаюць усе ня толькі ў нашым сяле, але і ў вакрузе. І ня толькі людзі-сяляне, а й начальства. Бачыш, прыедзе ў Граева — з вураднікам за руку, з папом за руку, з аптэкарам — тое самае. А кажуць нават у станавога бывае.

Вінцэнт. Вядома. Я сам бачыў, як ён ішоў раз з ім.

Гэля. Я таксама бачыла. (Папеўвае).

Матруна. Вось бачыце. А гэта вунь нейкі Ліс падлабуніўся і думае нешта выграць. Галяк, непачэснага роду… З усяго сьвету, можна сказаць. І што ў ім за мацыя? Ці-ж ня дурная гэтая Палута? Ушалопала, узяла сабе на розум і ня даць рады. Што-ж дурнота збурвае. Маладая, мала дзе што бачыла, мала перажывала шчэ. Кудры, ды гарнітур зачаравалі…

Гэля. Не, мамачка, не кажэце: Ліс прыгожы хлопец.

Матруна (кідаецца к ёй падняўшы міску ў руцэ). Кінь ты, цудная, бог з табою! Дзе тая прыгожасьць у ім? У чым яна хаваецца? Вось калі! І другая такая знайшлася. (Да Вінцэнта). Вось чуеш, га?