Старонка:Сцэнічныя творы (1923—1924). Кніжка 2.pdf/36

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Самі як валы мусім ярмо цягаць. (Жартоўна). Ты ўжо ня наш таварыш. Цягні ўверх, як той казаў. (Гэля здавольна ўсьміхаецца).

Матруна (садзіцца на зэдліку ля прыпечку). Ах, каб ты заглядзеўся, Тодар, як ты любіш заўсёды жартаваць. У бацьку ўдаўся, як дзьве кроплі вады; і той, бывала, як прыдзе на зборню, дык усім жываты пападрывае. (Аглядаецца на Яна). На вешале ў сенцах жукетка… Прынясі яму, Гэлька… (Гэлька выбягае ў сенцы; да Вінцэнта бягучы: Вось, бачыш, як тябе палошчуць. А ты вазьмі — ды ня йдзі з імі)…

Вінцэнт (дастае партабак і робіць папіросу). Хай сьмяецца, што-ж парадзіш. Гэта адно. А па другому, я так-бы не рабіў, як яны. Навошта ўжо занадта тужыцца. Цяжка — наняў парабка; мала — дадаў-бы другога. А самім, як валы, памойму ня прыстала. Таму, хто мае зямлі крыху ды стараецца і яе абрабіць і шчэ з боку капейку-другую падскрабсьці іншы інтарэс. Ну, а вам — нават і сорамна ўжо перасілівацца. Ці-ж у вас не дастае чаго? Нізваньня. А тымчасам, сілы зьбераглі-б на далей і жыцьцё мілей-бы йшло… Я-б гэтак рабіў-бы, каб мяне цягнула да земляробства, і так зраблю, калі доля з зямлёю зьвяжа. (Праходзіць па хаце і пускае рызыкоўна дым, Гэля варочаецца з жукеткаю. Дае яе Яну: „На, вось! Падзякуй за услужжа!“).

Матруна (не зважае на Гэлю). Не, Вінцэнтку родны, так судзіць нельга. Ня так усё проста, як здаецца, сынку. Павядзі гаспадарку скрозь рук — дык скора можна прашпэціцца. Трэба ведаць, як з ёю кіравацца; кожная капейка павінна быць начаку. Гаспадарка любіць, калі да яе далікатна адносішся, калі пільна і старанна ходзіш за ёй. Думаеш, якім чынам мы, вашы бацькі, нажывалі вам яе? Бэсьцячыся? О, не! Мы не даядалі, не дапівалі; прасьветлых гадзін ня бачылі. І толькі тады нам госпад дапамог нажыць гэта… Не, Вінцэнтку. (Устае і йдзе к сталу, дзе бярэ кусок хлеба ды зноў варочаецца к зэдліку).

Тодар (паказвае пальцам на Вінцэнта). Ды што яму тлумачыць. Ён усё роўна не зразумее гэтага, як я дзесянцёраў. Тады-б гаварыць яму можна было-б, каб ён, як і мы, за плугам сьвету ня бачыў, а то з-за валаснога стала ўсё ў іншы колер ахварбована. Гарбата, папіросы ды пяро — ня тое, што плуг і каса.

Ян. Ну, дык выйдзем куды?

Матруна. Чаго табе, Яне, ня ўседзіць? Хлопцы сядзяць, а ён стараецца іх выправадзіць з хаты. Вось гуляйце ў нас, куды вам ісьці.

Тодар. Не захочам — ня выправадзіць… Але трэба было-б куды выйсьці. (Зіркае ў вакно). Падзівецеся, што за ноч! Якая прыгожасьць! Ці можна ў хаце праседзець яе, даражэнькая цётачка? Цягне!..

Матруна. Ды я ведаю, што цягне, але-ж сёньня ня першая і не апошняя гэткая ноч. На тое бог лета паслаў.

Ян. А паслаў лета — дык і карыстай ім… (Да Вінцэнта). Дык пойдзем, ці не?