Старонка:Сцэнічныя творы (1923—1924). Кніжка 2.pdf/33

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Тодар (стаіць перад вакном, каля яго Вінцэнт). Ды пасьпеем, чаму не! (Садзіцца). Сядай, Вінцэнт.

Вінцэнт (пачынае спацыраваць па хаце). Яно, памойму, дык можна сёньня й зусім далей ня йсьці. (Закурвае папяросу). А калі раз і без дзяўчат прагуляем вечар.

Тодар. Ну, табе-то, вядома, няма куды йсьці і ня варта. Падвёў якраз я. (Азіраецца ў вакно).

Вінцэнт. Ты кінь, ліха ведае што, плявузгаць… (Цішэй). Ды яе-ж і дома няма, так што не папаў ты і ўкалупіць як… Альбо я прасіў цябе падводзіць!

Ян (увіхаецца, то ля лямпы, то ў мыцельніку). Дык чагосьці вы заспрачаліся… Можна ладам вырашыць. Вінцэнт захоча застацца тут — хай застаецца, а мы пасядзімо трохі ды пойдзем, куды захочам… (Падыходзіць к хлопцам). Згодны, га?

Вінцэнт (паважна ходзячы). Ня маю нічога супроць. (Падсьмейваеца). Мая трэцяя скрыпка. Мяркуйцеся між собою. (Тодар насьвіствае). Вось, бач, ужо Тодар марш грае. (Усе сьмяюцца).

Ян (да Тодара). Ну, што ты скажаш, браток?

Вінцэнт. Ён злы, што мяне прывёў сюды. Паглядзі, як сур‘ёзна настроіўся. А як стрэліся, дык першы запрапанаваў да вас прысьці. (Спыняецца перад Тодарам). Мо‘ я, кажаш, хлушу? (Ян сьмяецца).

Тодар (жартоўна). Бач, я цябе хацеў прывясьці к Гэлі.

Ян. Ну, як сабе там ня было, я вельмі рад, што вы прыйшлі, і скажу нават чаму. Я ўжо сам сабе казаў, думаў бач ня раз…

Вінцэнт і Тодар. А што?

Ян. Ведаеце, у мяне страшэнная падазронасьць на Ліса. Гэта-ж, кажуць, ён цэлую хэўру залажыў дэмократаў і ўвесь час падбухторвае іх то на мяне, то на іншых. Грышку хто спаліў? — Ён. Будзем маўчаць — цярпець — усіх нас папаліць… А з часам, чаго добрага, калі забунтуе — дык сьцеражыся… Я надумаўся, каб гэта…

Вінцэнт і Тодар. Н-ну?

Ян. Трэба падказаць на яго станавому, і падказаць гэткім манерам. Вось ты, Вінцэнт, папрасі дзядзьку, хай ён, як паедзе ў Граява — дык там і скажа. Проста, хай зойдзе да станавога ў стан і аб усім перадасьць: што Пятрусь Ліс у Млаве навучае моладзь на соцыялістых, падбухторвае яе на багатых, вучыць не баяцца начальства, напрывозіў з гораду забароненых кніжак і чытае іх усюды і робіць падпалы. Так няхай і скажа. Як вы думаеце, браткі?

Вінцэнт. Ды я ўжо дзядзьку напамінаў. Добра надумаў… Я так сама меў думку. О, я не прапушчу. Я ведаю ўсё, дзе што ён робіць… І ўсё запісваю… А потым усё, як на далоні вылажыцца каму сьлед… Як-жа, трэба стаяць адзін за другога… Тады хоць табе лягчэй будзе. Тодар. Так, табе, Ян, проста збаўленьне было-б, каб як яго вы-