Старонка:Сцэнічныя творы (1923—1924). Кніжка 2.pdf/23

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Волька. Што ты казала, Тэклюся, што?

Тэкля. Цыганка ходзіць ды на карты варожыць: ці не пазваць яе да вас?

Палута. А дзе яна, у каго?

Тэкля. Я ў Самулі пакінула яе, а цяперака мо‘ куды йдучы зайшла.

Волька (да дзяўчат). Мо‘ пазваць, га?

Палута. Няпрыменна пазваць. Вось, хаця на тую спробу, што яна скажа. Паваражу, а ну-ж і што добрае вываражыць. Пазаві йдзі, Тэклюся.

Прузына. Вядзі сюды!

ЗЬЯВА 12-ая.
ТЫЯ-Ж бяз ТЭКЛІ.

Пятрусь. Што вы ўшалопалі! Як вам ня брыдка. А яшчэ дэмократкамі сябе лічаць, сьвядомымі. Эх, я-б назваў-бы вас, але няхай… Хэ-хэ-хэ! Цыганку зваць на варажбу.

Палута. Ну, і што-ж дзіўнага? А бывае, што і праўду кажа. Вось надоячы Лізе Грышкавай якраз усё праказала, што і здарылася потым…

Антось. Ці праўда?

Палута. Вядома, што праўда. Ня верыце — запытайце ў яе.

Антось. Значыць, і ты думаеш праведаць аб сабе, што здарыцца з табою ўперадзе, дзівіся, Пятрусь.

Палута. А вядома. Сьмейцеся, сьмейцеся. Вы думаеце, што толькі вы ўсё знаеце, што хітрэйшыя за ўсіх, калі ні ў вошта ня верыце.

Волька. Гарадзкія… (Яе спыняе крык і гоман. У двор, а потым у сад уваходзіць маладая пекная цыганка, з торбаю за плячыма і картамі ў руках. Бегаючыя за ёю грамадаю дзеці і некалькі жанок астаюцца ля платоў саду. Некалькі з Тэклечкаю і Домнаю ўваходзяць за цыганкаю ў сад… Хлопцы і дзяўчаты акружваюць стол. Пачынаецца варажба).

ЗЬЯВА 13-ая.
ТЫЯ-Ж — ЦЫГАНКА — ТЭКЛЯ — ДОМНА — КАБЕТЫ — ДЗЕЦІ.

Цыганка (расьпеўна, картуючы й раскладаючы карты, перапытвае кожнага). Ну, хто-ж з вас на карты паваражыць хоча? Хто руку пакажа? Дазвольце, дзяўчаткі, дазвольце, хлопцы. Усю праўду вам адкрыю, што было — скажу, што будзе адгадаю. Якая вас доля чакае, што жыцьцё кожнаму з вас абяцае, каму якое шчасьце яно прыпасло… Ня дорага вазьму, згодзьцеся-ж, мае дарагенькія. Усё вам раскажу.

Волька. А колькі за нас чатырох возьмеш, агулам?

Антось. Ого! Агулам хочаш наняць! Ну, ну, пробуй!