Старонка:Сцэнічныя творы (1923—1924). Кніжка 2.pdf/24

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Цыганка. Адзін рубельчык, мае даражэнькія, адзін рубельчык. Зусім ня дорага будзе: па саракоўцы з дзесяткай на брата прыдзецца разлажыць.

Домна. Ого! Надта замнога хочаш адразу ўхапіць, лёгка грошай награбсьці. Паваражы ім за паўрубель — і то хопіць табе, досі. Нябось, ужо награбла за сёньня рублёў са тры. Варажы, варажы за паўрубель. (Падштурхвае яе. Кабеты памагаюць ёй).

Цыганка. Дальбог, бабулька, і рубель ня дорага. Затое ўсё разгадаю, чыстую праўду скажу. Нічагуткі не стаю. (Да Волькі). Ну, давайце за рубель — то пачну.

Домна. Эй, якая ласая… Ну, я прыдам да паўрубля сама.

Цыганка. Колькі?

Домна. Дам табе сыру… зачынай.

Цыганка. Ну, так давай, галубка, руку першая.

Прузына. Не, хай уперад Волька спрабуе, я пасьля.

Волька. Ды чаго там, давай.

Прузына. Не, давай ты наперад.

Цыганка. Хто-небудзь. Што лепш хочаш, Волька, — на карты ці на руку?

Волька. На руку давай.

Цыганка (бярэ руку, разглядае; усе настарожваюцца). Ты серадольшая дачка ў сваіх бацькоў і самая каханая бацькамі. Табе было-б вельмі добра жыць, каб не адзін прыпадак, які жывасілам адняў ад цябе праз бацькоў гэта дабро. (Волька глядзіць на ўсіх і здавольна ўсьмяхаецца). Дай гэту руку, правую. (Глядзіць). А тут вось паказвае, што ты яшчэ не загубіла ўсяго ў сваім жыцьці: табе бог суліў слаўнага, добрае душы, чалавека, які начамі ня сьпіць — аб табе думае. Ты яго ня бачыла шчэ на яву, ну ў сьне-ж колькі раз ён абдымаў цябе. Блізак час, калі жыцьцё вас злучыць… Шчасьце і слава крок за крокам справаджаюць твайго суджанага…

Антось. А ймя яго як? Кажы, кажы!

Волька. Навошта табе сьмяяцца? Бач, ты ня верыш, а ўсё праўду сказала, чыстую праўду. Угадала, даражэнькая, усё угадала. Малайчына!

Домна. А калі замуж выйдзе, цікаўна?

Цыганка. Неўзабаве, зусім неўзабаве. Толькі трэба праждаць яе суджанаму адзін прыпадак, з якім так ці йначай абмяркуецца далейшае яго жыцьцё. Гэта будзе не раней году і не пазьней двух год…

Домна. Вось гэта-то, наўрад, ужо ці праўда. Бадай ты, Волька, шмат раней гэта зробіш? А вось гэтай кінь на карты; а вось яшчэ больш нахлусіш…

Палута. Але, але, на карты!

Цыганка. Вось адразу табе паказвае благі скутак: два чалавекі ганяюцца за табою — багаты, знатны, але нялюбы табою, і другі,