Старонка:Сцэнічныя творы (1923—1924). Кніжка 2.pdf/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

то той гатоў за… (Плюс). І ненавіджу-ж я яго! Вось нешта адварочвае ды годзе… А тут якраз на бяду і выходзіць так, што чым болей ненавідзіш, тым назойлівей ён лезе ў вочы… Ды, галоўнае, бацькі яшчэ-э. Што такі яны думаюць з гэтага. (Жахаецца). Дзіўна. (Напявае). Ва-а-лы ня пры-ы-ста-а-лі-ы, з да-а-ро-о-гі-ы ня зьбіў-ся-а-а.

ЗЬЯВА 4-я.
ПАЛУТА — СЫМОН РЫХЛЫ.

Сымон (няпрыкметна для Палуты выходзіць з хаты і ўходзіць у сад. Акідае вачмі дзераўцы, паглядае ўмільна на дачку і падыйшоўшы хлопае яе зьлёгку, ажно Палута схамяняецца). Адна тут, Палутка? Ад самага абеду так і сядзіш тутака? Што ты ад людзей адбілася, ці пасварылася з таварышкамі, што нікуды не пашла? Га, Палутка?

Палута (нездавольная, што прыйшоў бацька). Э, нічога. Так сабе, ня хочацца нікуды йсьці.

Сымон (узіраецца ў вочы дачцэ). Аб чым ты нешта задумалася? Ці мо‘ нездаровіцца табе? Нешта ты сумная. Ні ў Граева ня йдзеш, ні да Волькі. Такіж-та сягоньня нядзеля, сьвята, павесялілася-б. Га, Палутка?

Палута. Ахвоты ня маю зусім. Заседзілася і сяджу. Ніхто не заходзіць, ні Волька, ні… Чакала ўсё, а цяперака, мусіць, ніхто і ня прыдзе…

Сымон. А вось толечкі Тэклюся казала, што яна бачыла, як Волька ды іншыя дзяўчаты з гэтымі Лісамі ды Смыкамі павалакліся-а. Эх, спляліся, дурніцы! Нібы ім лепшых хлапцоў не стае… Выдумалі — Лісюк нейкі, галыш, прайдоха, басяк. (Другім тонам). Вось добра, што ты не пайшла з імі… І ніколі не хадзі, адцурайся яго… Навошта табе быць пасьмешышчам людзкім? Выдумала ліха ведае што. Думаеш мне ўжо не сьмяяліся ў вочы праз цябе? Го! Людзі бачаць… Надоечы Саўка Самусёў — стрэліся мы з ім у Граеве — з першых слоў і тыча табою: „кінь“ — кажа — патвараць дачцэ і прыкажы, каб яна ня швэндалася з гэтым Лісюком. „Гэта-ж басяк, дамакрат“. Я так і ня ведаю, што адказваць, так сорамна мне…

Палута (як на шылах седзячы. Сярдзіта). Кіньце вы, тата, ліха ведае што балхвіць… Што вам брыдкага Пятрусь зрабіў? Мала каму хто не падабаецца. А я ня бачу ў тым ніякае шкоды вам, што з ім пагуляю… Наадварот, яшчэ мне з ім ахватней гуляецца, чымся з іншым, бо ён хлапец хоць і бедны, але разумны, прыгожы і сьвецкі… (Цішэй). Ды і падабаецца ён мне. Але, падабаецца і я не магу слухаць, калі хто гэтак гавора на яго, як вы, тата. (Хмура). Усё-такі так не прыстае аб чалавеку адзывацца, як сабе хочаце. (Прыпявае цішком, адвярнуўшыся ад бацькі). Ва-алы-ы ня прыста-а-лі… З да-ро-гі.