Старонка:Сцэнічныя творы (1923—1924). Кніжка 2.pdf/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Сымон (непадабаючы даччыных слоў, але спыняючы злосьць). Дык такі, я бачу, што ты, дачушка, як ушалопала сабе адно, вось і балхвіш аб тым. Колькі табе ня тлумач, колькі не талкуй, а ты ўсё на сваім стаіш. (Памаўчаўшы). Маладая яшчэ ты, нябога, і непрактычная зусім, вось і судзіш падзіцячаму. Што ў гэтага твайго Пятруся гэткае завабнае ёсьцека?. Розум яго? (Гучней). Га? Розум? Ну, і заваба-ж з яго розуму. Ты скажы толькі мне, да чаго ён дайшоў са сваім розумам, га?.. Чаго ён навучыўся? Лаяць другіх людзей, не ўважаць багатых і знатных, разводзіць дэмокрацтва, бунты супроць начальства. Ці-ж гэта вельмі ўдзячна або пахвальна? Гэ-эх! А дзе яго багацьце? Што ён нажыў са сваім розумам? (Прысядае і цішэй). Кінь ужо ты свае дзіцячыя забабоны — адкасьніся ад Пятруся, дык выгадней і разумней зробіш, дачушка. Паглядзі сама, чаму твае таварышкі ня гоняцца за ім, а далі табе волю? Вось Волька, Прузына — глядзі на каго яны сягаюць. І маюць дзяўчаты розум і маюць яны толк. Бо вось іншыя хлопцы — дык сапраўды хлопцы, што называецца. Хоць-бы Карп Гладыш, або… Ян Сьліва?… Як ты, Палутка, думаеш? Ян Сьліва, калі толькі… ці ты-б ад яго не адказалася-б?

Палута (устае і глядзіць праз платы на вуліцу). Ды кіньце вы папраўдзе свае забабоны. Навошта вам мяшацца ў мае справы? Ці вам хочацца няйначай улезьці ў мае думкі і разгадаць іх?…

Сымон (суха). А чаму не, — ты-ж мая дачка-а?…

Палута (садзячыся). Дачка, дзіця… Ці-ж гэта ўжо так многа абавязвае? Дачка, але і чалавек. Я й не кажу, што чужая, і шкоднага вам не раблю… А ў чым іншым, нябось, маю права быць і незалежнаю. Вось што…

Сымон (злосна). Чаму гэта так? А мо‘ і ня маеш іх. Дай толькі табе гэтыя, „чалавечыя“ правы, тады ты ліха ведае чаго начаўпеш з імі. Правы чалавеку даюцца тады, як ён становіцца сталым, а ты-ж… ты-ж яшчэ напалову дзіцё… І павінна слухаць бацькі, яго парады, яго прыказаў.

Палута. Я іх слухаю і нічога брыдкага ды шкоднага не раблю ім. Ці-ж гэта нават яшчэ шкоднае ды нядобрае, калі я кахаю каго, па свайму густу выберу. Ого, тады ўжо дзякуй за ласку. (Скоса пазірае на бацьку. Перабірае ў руках краскі).

Сымон (едка падмінуўшы). Вось гэты, каго „па выбару кахаеш“, бадай і вучыць цябе ўсялякіх асаблівых мудрасьцяў… тых мудрасьцяў, якія мне на старасьці год прыходзіцца чуць ад цябе, нябога. Бадай Пятрусь і навучвае цябе іх.

Палута. Пятрусь, Пятрусь! А калі й Пятрусь, то я нічога ня трачу, малое ўпічышча для мяне.

Сымон. Ой, дзяўчына, дзяўчына, далёка ў бок ты хіліш, як я бачу. Замнога сьцігаеш ведаць, а ведаеш якраз мала… (Угаварываючы). Я бачу, што ты гонішся за красою і за балхлівасьцю. Палута, і вось